МЕМАРЫЯ́ЛЬНАЯ ДО́ШКА,

пліта (звычайна з каменю, металу) з надпісам і выявай (рэльеф, гравіроўка), якая ўвекавечвае памяць пра выдатную асобу ці знамянальную падзею. Устанаўліваецца звычайна на фасадах, радзей у інтэр’ерах будынкаў. М.д. вядомы ў Стараж. Рыме. З 19 ст. пашыраны ў многіх краінах Зах. Еўропы, у т. л. на Беларусі (А.​Міцкевічу ў Навагрудку, У.​Сыракомлі ў касцёле езуітаў у Нясвіжы). Шмат М.д. устаноўлена ў 1960—90-я г. (В.​І.​Казлову і інш.). Для ўзбагачэння маст. вобраза ў кампазіцыю М.д. часта ўключаюць выявы-сімвалы віду дзейнасці асобы, якой яны прысвечаны: капітэль іанічнага ордэра на М.д. архітэктару У.​А.​Каралю, фрагмент габелена на дошцы А.​Кішчанку, кніга на дошцы Міколу Гусоўскаму, форму разгорнутай кнігі маюць М.д. пісьменнікам П.​Глебку, А.​Куляшову, М.​Лынькову, А.​Пашкевіч (Цётцы); у выглядзе дрэва — І.​Мележу, партрэтнай выявы мастака з палітрай В.​Цвірку, тэатр. заслоны на М.д. П.​Малчанаву, Л.​Александроўскай, Л.​Ржэцкай, Г.​Глебаву, Б.​Платонаву; выява цымбалаў на М.д. Р.​Шырме; і інш.

Л.​Г.​Лапцэвіч.

Мемарыяльная дошка В.​І.​Казлову.
Мемарыяльная дошка Г.​П.​Глебаву.
Мемарыяльная дошка В.К Цвірку.
Мемарыяльная дошка І.​П.​Мележу.

т. 10, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)